" Аповесць «Знак бяды» — твор, у якім па мастацку глыбока паказаны такія гістарычныя падзеі, як рэвалюцыя, калектывізацыя, вайна з фашызмам, духоўны стан народа на перакрыжаванні эпох. Вельмі выразна ва ўступе да твора аўтар стварае вобраз часу. Разбуранае гняздо, дзе засталіся рэшткі былога жыцця, а цяпер усё скорана тленам і небыццём, з'яўляецца знакам бяды. Атмасфера, якая акружае жыццё герояў аповесці, Петрака і Сцепаніду Багацькаў, напружаная, трывожная. Прывід бяды адчуваецца ў пагрозлівым гуле нямецкага грузавіка, у прарэзлівым крыку пастушка.Пятрок і Сцепаніда Багацькі — звычайныя сяляне. Іх жыццё — гэта цяжкая праца на неўрадлівай камяніцы. Яны не чакаюць ад лёсу палёгкі, па-хрысціянску прымаюць героі ўсё наканаванае лёсам.Пятрок і Сцепаніда паўтараюць шлях, пройдзены коласаўскім Міхалам, мележаўскім Васілём Дзятлам. Герояў аб'ядноўваюць адны і тыя ж падзеі, ілюзіі, страшнае расчараванне. Шмат няўдач: даводзіцца пераадолець Петраку і Сцепанідзе: ад'езд дзяцей, Федзькі і Фені, страта коніка, адзінай апоры ў гаспадарцы, шэраг неўраджайных гадоў. Бяда за бядой звальваюцца на Петрака, цярплівага працаўніка, няўдачлівага гаротніка, а таксама на Сцепаніду, якая яшчэ спрабуе, у адрозненне ад мужа, супрацьстаяць навале. Калі ў спіс раскулачаных трапляюць імёны беднякоў, якія чымсьці не дагадзілі ўладзе, першай не вытрымлівае і пратэстуе Сцепаніда: «А справядлівасці не трэба? Калі ўжо да беднякоў дайшло! Дык хіба справядліва? Вы, разумныя людзі, хібы вы не бачыце! Але ж спытайцеся ў мужыкоў... У якога цёмнага дзеда спытайцеся, ён скажа вам: так жыць нельга! Нельга, каб свае — сваіх!» Сцепанідзе робіцца не па сабе, калі яна чуе свае думкі з вуснаў іншых людзей, хоць і выказаныя па-іншаму.Шмат у паводзінах людзей залежыць ад грамадскіх абставін. Калі б не было гвалтоўнай калектывізацыі ў вёсцы, то не было б, напэўна, даносчыка Каладзёнка, не ўзненавідзеў бы ўвесь свет сын кулака Гуж, не застрэліўся б Васіль Ганчарык. Ён свята верыў у савецкую ўладу. А яна вымусіла яго адпраўляць у Сібір сям'ю каханай дзяўчыны Анюты. Ад перажытага шоку анямеў яго малодшы брат Янка.Вайна з немцамі зруйнавала сямейнае гняздо Багацькаў. Сцепаніда, звыклая «меркаваць аб вялікім па малым, аб свеце — па сваёй вёсцы», не памылялася, калі здзейсніла свой апошні адчайны ўчынак: спаліла сябе, але не здалася на літасць пераможцаў. Пятрок, няўдачнік, «недалэга», які шмат у чым саступае гвалту, але ў самым галоўным, калі справа датычыцца яго сумлення і годнасці, становіцца настойлівым, упартым і мужным. Узброены векавечнай мудрасцю продкаў («подласць — справа нягоднікаў», «у каго праўда, таму не патрэбна зброя»), Пятрок ваюе, як умее. Ён вяртаецца з бульбянішча, куцы яго пагналі немцы, і радуецца: «Чорта ты яе (бульбу) возьмеш для германскай арміі... Няхай згіне яна там!» Ён не здраджвае сваім прынцыпам нават у той сітуацыі, калі паліцыянты сквапна дамагаюцца забраць у яго самагон. «Ён не дасць ім на сабе ездзіць, як ім захочацца, яшчэ ён пастаіць за сябе. Во хоць бы з гарэлкай: чорта ён даў ім гэтую найлепшую бутэлечку, нават выстаяў пад расстрэлам, наглядзеўшыся смерці ў вочы, а вот жа не аддаў, упёрся, і паехалі з чым і прыехалі. Скулля ім!»У словах і думках быкаўскіх герояў жыве эпоха. Творы пісьменніка — гэта не толькі дакладныя малюнкі трагічнай гістарычнай рэчаіснасці, эпохі калектывізацыі, фашызму, але і мастацкая філасофія, асэнсаванне яе супярэчнасцей. Пісьменнік імкнецца да поўнай аб'ектыўнай праўды пра час і людзей, як сказаў П.Панчанка, героі пісьменніка «Лазняк, Жаўтых, Іван Цярэшка, Каця, Валошын, Чумак, Алесь Мароз, Іваноўскі, Сцёпка Таўкач, Міця, Маслакоў, Ляўчук, Грыбаед, Зося Нарэйка, Хведар Роўба... I, вядома, Сотнікаў. I, вядома, Сцепаніда. Якія непаўторныя людзі, і ў кожнага высокая чалавечая годнасць! Гэта наш народ, гэта глыбокія народныя характары». Быкаўская філасофія рэчаіснасці вельмі неабходная для сучаснікаў і будучых пакаленняў. Пісьменнік сцвярджае ў сваіх творах ідэю самакаштоўнасці чалавечага жыцця — спрадвечны гуманістычны прынцып.
Дуб і сасна Увагу ўсіх, хто едзе ў горад па старой дарозе Гарадзея-Нясвіж, прыцягвае незвычайны помнік прыроды: дуб і сасна стаяць абняўшыся, ях закаханыя на ўсё жыццё. Вакол помніка - агароджа і надпіс: "Аберагаецца дзяржавай". У нашы дні тут пабудавана арка з заручальнымі пярсцёнкамі. Сюды прыязджаюць маладыя ў дзень рэгістрацыі шлюбу, каб прысягнуць на каханне, і абяцаюць зберагаць адзін аднаго так, як робяць гэта дуб і сасна на працягу стагоддзяў.
Шмат легенд звязана з гэтымі дрэвамі. У іх абавязкова прысутнічаюць закаханыя, якіх разлучылі сілаю. Адна з легенд апавядае пра тыя часы, калі ў Нясвіжы быў створаны прыгонны тэатр.
Падзеі адбываліся ў другой палове XVIII стагоддзя. У Слуцку таксама існаваў у той час прыгонны тэатр. Браты Міхал і Геранім Радзівілы часта пазычалі адзін аднаму артыстаў. На слуцкай сцэне балет развіваўся значна раней, чым у Нясвіжы, дзе спачатку аддавалі перавагу драматычнаму мастацтву. Калі ў Нясвіжы задумалі паставіць некалькі балетных спектакляў, са Слуцка прывезлі артыстаў-танцораў у абмен на таленавітых нясвіжскіх музыкантаў.
Паданне расказвае, што сярод балерын вызначалася талентам і прыгажосцю семнаццацігадовая Гануся. Стройная, з вялікім блакітнымі вачыма, якія ў танцы запальваліся агнём незвычайнага натхнення, яна пакарала сэрцы гледачоў. Не маглі застацца раўнадушнымі да вялікага таленту простай дзяўчыны нават князі і іх шматлікія знакамітыя госці. Некаторыя з гасцей спадзяваліся знайсці спагадлівы адказ на свае заляцанні і былі пакрыўджаны, калі артыстка рэзка і рашуча адмаўляла ўсім, нягледзячы на паходжанне і званні. Гэта абражала фанабэрыстых паклоннікаў, якія нават спрабавалі скардзіцца самому князю і патрабавалі адправіць яе на канюшню. Каб пазбегнуць прызнанняў у каханні, зневажальных падарункаў, танцорка вымушана была пасля спектакля хавацца ў патаемных месцах. Часта для гэтай мэты яна выкарыстоўвала старыя дэкарацыі за сцэнай.
Нясвіжскі мастак, малады прыгажун Язэп, які не аднойчы рыхтаваў дэкарацыі да спектакляў, ведаў, дзе хавалася дзяўчына. У яго сэрцы агонь кахання гарэў яшчэ з таго моманту, калі ён першы раз убачыў Ганусю ў замку. Гануся таксама марыла аб вялікім каханні, якое часта павінна была перадаваць у танцы, але ніколі яшчэ не перажывала ў сапраўдным жыцці. Яна даўно звярнула ўвагу на маладога мастака і чакала прызнання толькі ад яго. Язэп жа лічыў сябе недастойным увагі такой таленавітай балерыны. Дзяўчына здавалася яму недасягальнай зоркай, ідэалам. Больш за ўсё ён баяўся словамі прызнання абразіць, напалохаць каханую і страціць яе давер і прыхільнасць.
Такое становішча цягнулася амаль два гады. Хутка закончваўся тэрмін дагавору, і Гануся павінна была вярнуцца ў Слуцк. Адчай, які перажываў юнак пры думцы аб расставанні, дапамог яму перамагчы нерашучасць і прызнацца любай у сваім вялікім каханні. Доўгачаканыя словы ўсхваляванага хлопца знайшлі водгук у сэрцы дзяўчыны. Шчаслівыя закаханыя вырашылі звярнуцца да князя Міхала за дазволам на шлюб. Нясвіжскі князь даў згоду на вяселле, але патрэбна было ведаць яшчэ, што скажа слуцкі Радзівіл. Тут трэба зазначыць, што слуцкі князь вызначаўся хваравітай жорсткасцю ў адносінах да прыгонных. Для яго найвялікшай асалодай было слухаць енкі паднявольных, якіх сурова каралі за самую нязначную правіннасць. Здарылася самае страшнае: жорсткі князь у вялікім гневе загадаў закаваць дзяўчыну ў кайданы і даставіць яе назад у Слуцк. Пачуўшы гэта рашэнне, закаханыя вырашылі ўцякаць. Але салдаты злавілі ўцекачоў недалёка ад Нясвіжа. Апошні абдымак іх і роспач былі такімі адчайнымі, што нават сэрцы салдатаў не вытрымалі: яны плакалі разам з тымі, каго павінны былі разлучыць. Закаваную ў кайданы Ганусю павезлі ў Слуцк, а праз некалькі дзён у Нясвіжы даведаліся, што дзяўчына загінула. Ніхто дакладна не мог сказаць, што з ёй здарылася: ці яна сама дабравольна пакінула гэты свет, у якім не магла жыць без каханага, ці загінула ў страшэнных пакутах у змрочным падзямеллі.
3 той пары Язэп у любое надвор'е хадзіў на месца іх апошняга расстання і праводзіў там цэлыя гадзіны. Можа гэта ён пасадзіў і выгадаваў у памяць аб сваім адзіным каханні незвычайныя дрэвы. Фактам з'яўляецца тое, што ён адрокся ад свету, пайшоў у манастыр і ўсё жыццё аддаў мастацтву.
Дуб і сасна дажылі да нашых дзён. Расказваюць, што ў час апошняй вайны немцы хацелі вывезці гэты цуд прыроды ў Германію, але не паспелі. Неразлучныя дрэвы неаднойчы прыцягвалі ўвагу мастакоў, паэтаў, музыкантаў. На жаль, сасна ў 1999 годзе загінула.