Я памятаю кожнае сваё лета. Мае бацькі кожны год прыдумляюць, куды ж мяне адправіць. Як толькі пачынаюцца школьныя канікулы, становіцца пытанне пра гэта. Тата ўвесь час хоча, каб я ехаў у піянерскі лагер, а мама настойвае на сумесным адпачынку на моры або за мяжой. Куды б я ні пайшоў, сам або са сваімі бацькамі, мне ўсё роўна будзе па душы гэты час года. Цяпло, не трэба апранаць шмат адзення. А яшчэ мне падабаецца, што дні становяцца доўгімі і можна гуляць у двары дапазна. А калі ёсць месяц на небе, то нават ноччу можна трохі пагуляць, калі бацькі недзе непадалёк.
У мінулым годзе мы хадзілі з татам у паход. Там я навучыўся збіраць лясныя ягады і грыбы. Я яшчэ не запомніў усе разнавіднасці грыбоў, але затое цяпер я ведаю, што летам расце вельмі шмат лясных ягад, а вось грыбы больш за ўсё вырастаюць восенню. Мяне тады укусіў клешч, дома мы яго выцягвалі, а мама перажывала, што ён залезе пад скуру, але ўсё абышлося.
Гэтым летам я хачу, каб сонца не так моцна паліла, а то ўжо зусім горача. І яшчэ хачу паехаць на мора, вельмі даўно не быў там. Улетку на моры добра. Калі горача, можна пайсці купацца, а потым грэцца на сонейку. І так круглыя дні. Люблю лета за яго сонца і ўсмешкі.
Паступова сыходзіць снег. Абуджаецца прырода. Пачалі зелянець узмежкі і пожні, пайшла ў рост азімая рунь. Дзе-нідзе паказалася зялёная трава на лугах. Абсыхае зямля.
Залаціста-жоўтымі коцікамі ўпрыгожваюцца вербы, раскрываюцца пупышкі чырвонай бузіны, парэчак, расцвітаюць вольха і арэшнік.
З-пад пачарнелага мінулагодняга лісця сярод аголеных кустоў і дрэў блакітнеюць пралескі. Далікатнымі белымі зорачкамі цвіце кураслеп, ружова-фіялетавымі суквеццямі — чубатка, буйнымі ліловымі званочкамі — сон-трава. На шэрых лясных палянах ярка гараць жоўтыя буйныя шары пярэсны. Лотаць пазалаціла берагі рэк і канаў — яны сталі ярка-сонечнымі, зазіхацелі залатымі россыпамі лугі. Лёгкі марозік уранку яшчэ выбельвае цукрам дол. Але знясіленай зіме ўжо не ачуняць. Памякчэў, страціў сваю колішнюю калючасць вецер.
Пачынаюць распускацца дрэвы і кусты. Вербалоз распушыў свае каткі, пад якімі бзыкаюць чмялі. Пачула цяпло і выпаўзла працавітая мурашка. Вяртаюцца з далёкага падарожжа пералётныя птушкі. Высока ў небе днём і ноччу праплываюць чароды гусей, качак, кулікоў, жаваранкаў, шпакоў, драздоў, берасцянак… Птушкі ладзяць сабе гнёзды — пара на роднай зямлі і пра птушанят падумаць. Кожны новы дзень вясны дорыць новыя птушыныя галасы. Некаторыя спяваюць ноччу, іншыя — на світанні, днём. Ёсць птушкі, што спяваюць толькі з узыходам сонца.
Па-гаспадарску аглядае жытло і выкідвае смецце, нацяганае вераб’ямі, чорны з сінім адлівам шпак. Потым садзіцца на дрэва і заводзіць вясёлую песеньку, наспяваецца — і зноў за працу. Пазней прылятае сяброўка. Убачыўшы яе, шпак узмахвае крылцамі і заўзята свішча, стараецца ёй спадабацца: то шмыгне ў шпакоўню і высуне адтуль галоўку, то злятае на зямлю і схопіць якуюсьці саломінку ці пушынку і нясе ў домік.
На высокіх дрэвах бурліць-гамоніць жыццё ў гракоў. Яны ўсё вядуць «кватэрныя разборкі». Неўзабаве пачнуцца і ў іх клопаты. Пажвавела птаства. Да сініх прыцемкаў крычаць на дрэвах вароны, купкамі шчыруюць вераб’і, мітусліва носяцца ў паветры сарокі.
Неба паступова губляе сваю зімовую шэрасць, маладзее. Днём пераклікаецца галасамі пеўняў вуліца, пачынае пераклічку ў хлявах жывёла. Вясна!