Глечык – малады баец, яшчэ зусім наіўны, нясмелы хлопец. Апынуўшыся ў атрадзе абароны, ён саромеецца і адчувае сябе няемка, вінавата.
Глечыка непакоіць унутраная рана, хоць ён нікому пра яе не распавядае. Ён пакутуе ў адзіноце, слухае іншых, але сам пра сваё гора не гаворыць. Ён пакрыўджаны на сваю маці, якая, на ягоную думку, здрадзіла пакойнаму бацьку. Пасля таго, як яго забіла токам, яна сабралася ізноў выйсці замуж і нават запрасіла мужчыну на свята. Але потым пачалася вайна, і маці зноў засталася адна з маленькай дачкой. Глечык зразумеў, што ў час вайны яму патрэбна ратаваць сям’ю, але колішняя крыўда ўсё ж не праходзіла.
Глечык у аповесці загінуў апошнім з групы. У чаканні сваёй смерці ён раптам чуе крык журавоў у небе, які кранае яго за душу. Малады хлопец успамінае лепшае, што было ў яго жыцці. Яму цяжка ўсвядоміць, што ўсё скончылася, і болей яму не давядзецца ўбачыць ні маці, ні сястрычку. Наўздагон за чарадой ляцеў падбіты, адсталы журавок з пранізлівым крыкам. Глечык пабачыў у ім сябе – вобраз кінутай ўсімі, пакінутай на смерць маладой істоты, якая прагне жыцця.
Тым не менш, не гледзячы на журботу і боль, Глечык мужна трымаецца да самага канца, паказаўшы сябе не толькі годным воінам, але і моцным чалавекам.
Адным з выдатных пісьменнікаў-рамантыкаў быў Ян Баршчэўскі. Вяршыняй творчасці пісьменніка стала кніга "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях". Яна складаецца з чатырнаццаці апавяданняў міфалагічна-фальклорнага зместу, сюжэты якіх скаладаюць аповеды падарожнікаў у доме шляхціца Завальні падчас доўгіх зімовых вечароў. Усе апавяданні глыбока павучальныя і ў той жа час займальныя.
Найбольш цікавыя апавяданні "Плачка" і "Сын Буры". "Плачка" - адно з самых незвычайных апавяданняў кнігі. У гэтай гісторыі апісваецца незвычайная прыгожая кабета, якая з'яўляецца ў пакінутых дамах, у пустых касцёлах і на руінах. На яе вачах заўсёды блішчэлі слёзы, з-за таго людзі называлі яе Плачкай. Вобраз Плачкі сымвалізуе, што ў чалавека на першым месце павінны быць не матэрыальныя, а духоўныя каштоўнасці. Яна плача, бо іх, каштоўнасці, не бачаць, не разумеюць, ганяюцца за ўяўным, несапраўдным.
У апавяданні "Сын Буры" сляпы Францішак расказвае пра сваю сустрэчу з дзіўным пілігрымам, які назваў сябе Сынам Буры. У час буры гэты чалавек не хаваўся ад дажджу і ветру. Сын Буры расказаў, як некалі каля беднай хаціны сваіх бацькоў спаткаў Плачку, апранутую ў сукенку вясёлкавых колераў і з кветкамі на галаве. Плачка паказала юнаку далёкі свет, над якім пад аблакамі кружылі арлы. Хлопе вырашыў пабачыць, што дзеецца на свеце, і з таго часу блукае па зямлі. Сын Буры - чалавек, апантаны вечнай прагай творчасці, пошуку ісціны, пазнання, дзеяння.
Вобразы Плачкі і Сына Буры арыгінальны і не сустракаюцца ў іншых славянскіх літаратурах. Кніга "Шляхціц Завальня" ўздымае перш за ўсё маральна-этычныя праблемы. Але паўстаюць яны ў цікавых міфалагічных вобразах.